ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада,
сход прадстаўнікоў бел. арг-цый і партый Зах. Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 (паводле інш. крыніц 26—29). 9.1921 у Празе. У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чал. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С.Баран, К.Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л.Заяц, А.Карабач, В.Ластоўскі, Я.Мамонька, М.Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В.Захарка, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, А.Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б.Тарашкевіч. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала бел. народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б.Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С.Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку бел. нац. паліт. арг-цый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзярж. будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).
А.М.Сідарэвіч.
т. 12, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)